Каб...

Янка Купала

Каб таму па локаць
Адсушыла рукі
І аб сценку біўся
Ад балеснай мукі,—
 
Хто сушыў ў няволі
Люд наш працавіты,
Задаваў вужача
Раны непазбыты.
 
*
Каб таму крукамі
Пакрыўляла ногі
І да роднай хаты
Не знайшоў дарогі,—
 
Хто крыўляў нам праўду,
Застаўляў ў прыгоне
Бежанцамі гінуць
На бацькоўскіх гонях.
 
*
Каб таго скруціла
Гадзінавым скрутам
І прыстала потым
Сухажыльным прутам,—
 
Хто круціў нам сцежкі
Да жыцця і славы,
Засцілаўшы вочы
Туманом крывавым.
 
*
Каб таму маланкай
Асляпіла вочы
І блукаў абмацкам
Ён удзень і ўночы,—
 
Хто для нашых дзетак
Хоча асляплення,—
Бэсціць чужаніцай
Думак прасвятленне.
 
*
Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
І не ўстаў ён болей
Са сваёй пасцелі,—
 
Хто над Беларусяй
Хоча распасцерці
Свой бізун чужацкі
І народ усмерціць.
 
*
Каб таго парвала
З сэрцам на тры часці
І звяр’ё збрылося
Мяса параскрасці,—
 
Хто быў прычыніўся
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала