Думкі перад вясной

Янка Купала

Штодзень вышэй, штодзень цяплей
Глядзіць з-пад неба сонца нам,
Сплывае радасць да людзей,
Чуваць і песні там ды сям.
 
Вяселіць сонца цэлы свет
Надзеяй блізкае вясны,
З якой зімы загіне след,
Зямелька скіне свае сны.
 
Зазелянее лес і лог,
Забурліць звонка ручаёк,
Па вёсках возьмуцца да сох,
Задзьме ў жалейку пастушок.
 
Так будзе блогасна усім,
Надзеі поўны ўсе такой...
А мне ж і думачкам маім
Чаму так смутна, браце мой?
 
Чаму так сэрца мне баліць,
Маркотна чахну наяву;
Як той канюх галосіць «піць!»,
Так — шчасця! Шчасця! я заву.
 
Марнее моладасць мая
У беспрытуллі, ў беднаце,
Нуда — нямручая змяя —
Дух мучыць, а бяда гняце.
 
І жудка мне, хоць і вясна
Ўжо да людзей з цяплом ідзе;
Як бы пустынь вакол адна,
Не чуць прывету ад людзей.
 
Гэй, хіба ты, мой цёмны бор,
Мой зразумееш боль і жаль
І шумам гулкім аж да зор
Ускалыхнеш прыспану даль.
 
Гэй, хіба вы, зоркі мае,
Заглянеце ў душу маю
І далям скажаце, як мне
Жыць трудна, як горка цярплю.
 
1906

Іншыя творы: Янка Купала