Дзе ні вылеці з няволі...

Янка Купала

Дзе ні вылеці з няволі,
Ад пачатку да канчатку,
Ўсюды ўбачыш сваё поле,
Ўсюды ўбачыш сваю хатку.
 
Ўсюды ўбачыш чалавека,
Што цямнотай цябе разіць,
З слязой вечнай пад павекай,
Вечна ў лапцях і сярмязе.
 
Хоць жа сэрца, што за сэрца!
Лгання, хцівасці не знае,
Жывучы ж у паняверцы,
Толькі гора к збыццю мае.
 
Горам чорным, ой, багата
Надарыла люд наш доля;
Гора ў хаце і за хатай,
Гора ў полі і за полем.
 
Вецер хаткаю калоце
І па шчылінах галосіць,
Гаспадар злёг ад калоцця,
З дзяцьмі жонка есці просіць.
 
Пустка ў свірні і ў адрынцы,
Свінка хоча штось здыхаці,
Вые сучка на дзядзінцы —
Памрэ нехта ў гэтай хаце.
 
А у полі на загонах
Аруць віхры, барануюць,
Хутка, дружна, не натужна
Шнуры вузкія руйнуюць.
 
Далей—паркай сытай шпарка
Праляцеў пан у карэце,
А за ім паштовай паркай
Прэ чыноўнік на рассвеце.
 
А на пустцы апаўночы
Ведзьмы, чэрці пяюць, граюць,
То смяюцца, то рагочуць,
Знахароў-вужоў склікаюць.
 
І ўсё гэта, хеўра гэта:
Ветры, віхры і сабакі,
Ведзьмы, чэрці з таго свету,
Пан, чыноўнік, ваўкалакі,—
 
Ўсе навыперадкі пруцца,
Гікам, смехам чартаўскімі
Заліліся і нясуцца,
Аж зямля стогне пад імі.
 
А за імі, нібы хмара,
Йдзе мужыцкае ўслед гора,
Праз пасевы, праз папары,
Так сягоння, як учора.
 
І мужык — пан у старонцы —
Гора гэта вечна бача,
Бача, што толькі ў карчомцы
І ў магіле ён не плача.
 
10 жніўня 1906

Іншыя творы: Янка Купала