Маладым на вяселлі

Янка Купала

Не дубок пры ніўцы ў гаі,
Не ў лузе лілейка,—
Малады тут засядае
З сваёй дабрадзейкай.
 
Хто уцеху ўсю іх пойме,
Што ў душу ім льецца,
Хто спазнае, хто пяройме
Думкі наважэнцаў?
 
Сышла радасць на абое,
Бачыць сэрца сэрца,
Міла шчасце залатое
Сцелецца каберцам.
 
З госцяў кожны віншаванне
Гладкім слоўцам кіне,
Маё простае жаданне
Так жа хай не згіне.
 
Жычу меці, як нікому,
Жычу я ахвоча,
Маладой і маладому
Ўсё, што толькі хочуць.
 
Згоду ў хатцы, спор у хатцы,
Гонар між людзямі,
І ў які год дачакацца
Забавы з кумамі.
 
У салодкім у каханні
Вечна варкаваці
І не знаць, чым ёсць расстанне,
Злых прыгод не знаці.
 
Няхай век вам не ўбывае
Ў жыцці сонца, кветак...
Малады і маладая,
Жывіце сто летак!
 
Я так жычу, так віншую
І не лгу, здаецца,—
Хто мілуе, хто цалуе,
Ўсяго спадзяецца.
1909

Іншыя творы: Янка Купала