Думкі

Янка Купала

З неспакоем думкі роем
Верцяцца ў душы,
На свет божы, свет прыгожы
Рвешся ўвесь з глушы.
 
За высь гораў, за цьму бораў,
Там за рэчкі шум
Мкнуў бы птушкай-весялушкай
За палётам дум.
 
Сэрца б’ецца, к жыццю рвецца,
К нейкім светлым снам;
Гэй ты, гора! скора ж, скора
Цябе ў брак я здам?
 
К долі, к волі, гэт, па полі,
Як леў, пабягу;
Спаці, ждаці ў курнай хаце
Ўжо больш не магу.
 
Свет вялікі, песні, крыкі
Мкнуць з усіх старон;
Звоніць штосьці,— к славе ў госці
Кліча гэты звон.
 
Ідуць людзі, ў крыві грудзі,
Паходні ў руках,
Няма ночаў, жарам вочы
Ззяюць, ажна страх!
 
Са сну будзяць, душу цудзяць
Надзеяй старой,
Узнімаюць, зазываюць,
Гэй, на нейкі бой!
 
Думкі ходзяць, чымсьці зводзяць,
Тым, што долю дасць...
Згіне гора і слёз мора,—
Не вечна напасць!
 
Пакірую думкі ў тую
Старонку свае,
Скуль з прасветам мне прыветам
Праўда запяе.
 
Далей, вышай памкну, гэй жа:
Ўжо праложан след;
Трудна, маці, ў курнай хаце,—
Паляту у свет!
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала