Наш летапісец

Янка Купала

Пасвячаю У. Ігнатоўскаму ў дзень пятнаццацёхгоддзя яго культурна-грамадскай працы на ніве Беларускай
 
 
Пад нашэпты пушчаў-бораў,
Пад напевы завірухаў
Летапісец творыць творы,
А ты слухай, шчыра слухай.
 
Беглі векі, як ручаі
Паміж нашых сцежак, межаў,—
Чужаніца байкі баіў,
А ён толькі праўду рэжа.
 
Як жылі, як вечавалі,
Як пасля былі ў прыгоне,
Адаб’е, як у крышталі,
Летапісец наш сягоння.
 
Думкі мудрыя ён піша,
Нібы пацеркі з бурштынаў,—
Як пазбыцца лішніх крыжаў,
Як падняць дабро краіны.
 
Вызначае шлях наперад—
Дзе, кудой ісці нам лепей,
Каб не ўпалі зноў у нерат,
Каб палон не ашчарэпіў.
................................................
І ўзбуялі нашы людзі,
Пачалі ўвысь голаў высіць...
Зручна жыць на свеце будзе,
Калі ёсць свой летапісец!
 
1924

Іншыя творы: Янка Купала