Наша мінуўшчына

Янка Купала

Мы не жылі, як жывуць людзі,
Гасцінцам шчасця не хадзілі,
Не зналі ўцехі нашы грудзі,
Вянкоў мы славы не насілі.
 
Мы ў паніжэнні, у вечным трудзе,
З днём кожным слабшыя на сіле,
Бясцэльна па калючай грудзе
Блудзілі, горасна блудзілі.
 
Быдлём асуджан быў валяцца
Сын свайго краю, родных межаў;
Калі ж хто ўздумаў прачыхацца,
Курган прыбавіў толькі свежы.
 
Хацеў хто песняй адазвацца,
Глушыў хаўтурны воклік з вежы;
З нягодай мусілі змагацца,
Як тыя вербы на ўзбярэжжы.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала