Сонцу

Янка Купала

Ой ты, маё сонца,
Як жа свеціш ясна!
Дзе ж было раней ты,
Як быў я няшчасны?
 
Як я ў малалецтве
Радасці не ведаў,
Як за мной пляліся
Бяда, гора следам.
 
Як бацьку хаваў я,
Выбітага з сілаў,
Як яго магілу
Паводка размыла.
 
Як ішоў маркотны,
Не знаўшы дарогі,
Абіваць з паклонам
Панскія парогі.
 
Як у адзіноцтве
Бадзяўся па свеце,
Як моладасць згібла
У самым расцвеце.
 
Ой ты, маё сонца,
Як жа свеціш ясна!
Дзе ж было раней ты,
Як быў я няшчасны?
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала