Фінляндыі

Янка Купала

З чорнай памрокі ў праменні зарніцаў
Выйдзеш, Фінляндыя, чараў краіна!
Шчасцем напоўняцца хатаў святліцы,
Воляй акрыляцца горы, даліны.
 
Горды народ твой не будзе згібацца
У ёрмах прыгонных, у здрадніцкіх лапах,
Болей не будзе ён з торбай жабрацкай
Жыць, як прыкажа з-над Тэмзы сатрапа.
 
Скалы і долы над Фінскай затокай,
Прыстані, выспы Балтыцкага мора
Вораг заморскі пражорлівым вокам
Больш не пасмее трымаць у пакоры.
 
Родныя з пут вызваляці загоны,
Сонцам развідніваць мутныя ночы,
Поруч з байцамі з-пад сцягаў чырвоных
Грозна народная армія крочыць.
 
Край свой ачысціць ад хэўры драпежнай,
Ад гандляроў, п’яных славай крывавай,
Што гандлявалі на рынках замежных
Фінскім народам і фінскай дзяржавай.
 
Скіне з тваіх плеч ярмо плутакратаў,
Здрайцаў прадажных нікчэмную зграю.
Святкаваць будзеш вялікае свята
Волі народнай ад краю да краю.
 
Будзе сабе сам народ гаспадарыць,
Вызыску чорнага ведаць не будзе;
Пр ацай збіраці з зямлі будуць дары
Самі сабе раскаваныя людзі.
 
Шумам задумным карэльскія сосны,
Бурнай Вуоксы-ракі вадаспады,
Мірныя гутаркі ў зімы і вёсны
Будуць з гудкамі вясці Ленінграда.
 
Дружба з магутным усходнім суседам
Будзе граніц непахіснаю стражай;
Унук тое ўбача, што прадзеды, дзеды
Ў снах толькі снілі,— і свету раскажа.
 
Пройдуць дні, годы. Аквечана хвалай,
Будзеш, Суомі, йсці яснай дарогай,
Новага будзеш складаць Калевалу
З рунаў красы, барацьбы, перамогаў.
 
1939

Іншыя творы: Янка Купала