Ты прыйдзі...

Янка Купала

Ты прыйдзі ка мне вясною,
Кветкаю прыйдзі;
Зацвіці красой са мною,
Думку разбудзі...
 
Ты прыйдзі ка мне улетку,
Коласам прыйдзі;
Песняй жніўнай на палетку
Думку саладзі...
 
Ты прыйдзі ка мне зімою,
Сонейкам прыйдзі,
Даўнай казкай залатою
Думку абудзі...
 
Ты прыйдзі ка мне увосень,
Зоркаю прыйдзі;
Ў свет далёкі з шумам сосен
Думку павядзі...
 
Ты прыйдзі і на магілкі,
Кветкаю прыйдзі;
Белай ручкай клён няхілкі
Шчыра пасадзі...
.............................
Ты прыйдзі...
 
1911

Іншыя творы: Янка Купала