Настане такая часіна

Янка Купала

Я веру — настане
такая часіна,
І руняй савецкай
уквецяцца гоні,
 
Дзе Віслы, дзе Сены,
дзе Тэмзы даліны,
Дзе праца людская
сягоння ў прыгоне.
 
Развеюцца ў попел
кароны і троны,
Стэрлінгі і франкі,
дукаты, далары;
 
Мікадаў, прэлатаў
банкіраў, баронаў
Захлынуць паўстанняў
народных пажары.
 
Рабочых грамады
ў свае возьмуць рукі
Заводы і фабрыкі,
шахты і домны,
 
Збудуюць палацы
сабе і для ўнукаў,
Дзе радасць і сонца
загосцяць векпомна.
 
Калгасны стальны плуг
засыпле навекі
Ў барозны-магілы
паноў-феадалаў,
 
Каб сейбіт старанны
не гнуўся пад здзекам,
Каб сочная ніва
буйней красавала.
 
Хрыстоў, магаметаў,
еговаў і будаў,
Бажніцы, капліцы
ўсіх вераў і нацый,
 
Як смецце на свеце,
як тухлыя груды,
Змяце дыктатура
раскованай працы.
 
А белыя, жоўтыя,
чорныя расы
Да мовы супольнай
прачысцяць дарогу...
 
Сунімуцца бітвы,
загубяцца класы,
Граніцы, заставы
парве перамога.
 
Н’ю-Йоркі, Парыжы,
і Вільні, Берліны,
Шанхаі, Варшавы,
Жэневы, Такіі
 
Аздобяцца ў сцягі
чырвонасці дзіўнай,
Што ў нас зіхацяцца —
у сцягі такія.
 
Пад ленінскім сцягам
пралетарыята
Паўстане рваць путы —
хто долі не ведаў,—
 
Хто сохне без хлеба,
хто гіне без хаты,
Хто корміць сваім
мазалём дармаедаў.
 
Ад мораў паўночных
да мораў паўдзённых
Уздымецца песня
свабодна і думна:
 
Хай праца пануе
на вольных загонах,
Хай зоры іскрацца
сусветнай камуны.
 
Я веру — настане
такая часіна,
І руняй савецкай
уквецяцца гоні,
 
Дзе Віслы, дзе Сены,
дзе Тэмзы даліны,
Дзе праца людская
сягоння ў прыгоне.
1932

Іншыя творы: Янка Купала