Сэрца і думка мне кажа...

Янка Купала

Сэрца і думка мне кажа,
Гоманы кажуць на ніве,—
Песню маю той заўважыў,
Той, хто народы ўшчаслівіў.
 
Радасць хай будзе мне сведкай,
Свет няхай бача і людзі,—
Нібы цудоўная кветка,
Ордэн галубіць мне грудзі.
 
Ці сонцу ў вочы я гляну,
Ці ў вочы зорак свабодных,—
Будзе ён мне талісманам,
Зоркай маёй пуцяводнай.
 
Ленін на сэрцы шчаслівым,
Леніна ў сэрцы заветы,
Ясныя думак парывы
Песняй імкнуцца над светам.
 
Песнямі ўслаўлю сваімі
Наша жыццё маладое.
Раніцай, вечарам імя
Сталіна будзе са мною.
 
Вочы мне з часам самкнуцца,
Жвір мяне ўхутае цвёрды,
Жыць між людзей застануцца
Песня і Леніна ордэн.
 
1939

Іншыя творы: Янка Купала