Сыны

Янка Купала

Сыноў бацька сваіх кліча
На параду ў хату,
А ўрачыста як бы кліча
На якое свята.
 
І з павагаю пытае
Кожнага ў асобку,
Кім з іх кожны быці хоча,
Якім жыць заробкам.
 
*
— Бо, сыны мае,— так кажа,—
Жывіцё ў краіне,
Чалавечая дзе праца
Намарна не гіне.
 
І сыны адказ трымалі
Перад бацькам родным,
А стараўся з іх быць кожны
Свайго бацькі годным.
 
*
Першы кажа: — Землі буду
Трактарам варочаць,
Каб рунелі, зелянелі,
Аж яснелі вочы.
 
Каб раслі ў рост чалавека
Жыта і пшаніца,
Каб аж госці к нам з-за свету
Ехалі дзівіцца.
 
*
Другі кажа: — На заводзе
Быць хачу даўно я,
Дзе чыгун ракою льецца,
Дзе звініць сталь звонам.
 
Будаваць буду дзень цэлы
Домны і мартэны,
Медзь і вугаль браць у дзела
Ад шахтаў падземных.
 
*
— Плаваць я пайду на мора,—
Сказаў гэтак трэці,—
Дзе «Чэлюскін» горда плаваў,
Дзе пурга, дзе вецер.
 
Ад халодных да гарачых
Мораў рэйс мой будзе.
Параход мой будзе грозна
Рэзаць хваляў грудзі.
 
*
Сын чацвёрты: — Хочу лётаць
Птушкаю крылатай,
Мераць неба ў самалёце
Над тваёю хатай.
 
Арлянём сябе ў сне бачу,
Не знаю спакою...
Хачу быць я, мой ты бацька,
Лётчыкам-героем.
 
*
— Байцом буду я чырвоным,—
Пяты кажа гэтак,—
Сцерагчы граніцы-межы
Краіны Саветаў,
 
Каб наш вораг пры нападзе
Сустрэнуў магілу.
Байцом буду, каб з мяне быў
Рад сам Варашылаў.
 
*
А сын шосты: — Складаць песні
Буду, колькі змогі,
Пр а вялікія падзеі
Сталінскай эпохі:
 
Як працуем, як знішчаем
Здрадныя напасці,
Як будуем, як ствараем
Казачнае шчасце.
 
*
Так сыны адказ трымалі
З гонарам юначым,
Свае выказаці думкі
Не ўмелі іначай.
 
Бальшавік быў іхні бацька,
Пралетарый родам,
Зведаў сушы, зведаў моры,
Бітвы і паходы.
1935

Іншыя творы: Янка Купала