Паэта і цэнзар

Янка Купала

Прысвячаецца быўшым,
цяперашнім і маючым
быць цэнзарам



 
Цяпер ці калісьці — не ўцямлю,
А толькі не лгу ні на міг,—
Паэты пісалі паэмы,
А цэнзары рэзалі іх.
 
Паэмы (ужо ж не паэтаў)
Сек цэнзар, як вецце пастух,
Аж трэскі-паперкі ляцелі
У чыстае поле, як пух.
 
І доўга цягнулася гэта,
Як баіць народная весць,
На згубу бунтарскіх паэтаў,
На цэнзарскі гонар і чэсць.
 
І шлі так гады за гадамі
Пад воклікі чорных імшоў,
Ішоў за паэтам паэта,
За цэнзарам цэнзар ішоў.
 
І трэба ж — о дзівы! О цуды!
О слаўны дваццаты наш век!
Паэта прыдумаў паэму,
А цэнзар яе не пасек.
 
А толькі... Паслухайце толькі,
Што з гэтага далей было:
Вы ўбачыце, людзі, як гэта
Ў дабры часам гнездзіцца зло.
 
Паэта пад потам крывавым,
Не сплючы сто ночак падрад,
Паэму згарусціў, аж міла,
І цэнзару даў на прагляд.
 
А цэнзар меў добрае сэрца,
Што рэдка у нашым вяку,—
Паэмы не сек і не рэзаў,
А толькі... пагладзіў крыху.
 
Паэта пісаў:
 
О віхры, о вы, бураломы,
Свабодных нябёс жыхары!
Дрыгніце разбэшчаным светам,
Збурыце парадак стары!
 
А цэнзар пагладзіў:
 
О ветры, зефіркі любыя,
Свабодных нябёс жыхары!
Галубце вы свет наш набожны,
Шануйце парадак стары!
 
Паэта пісаў:
 
Зваліце кароны і троны,—
Ўжо досць каралёў і цароў!
Хай будзе народу ўладарства
І панства зямлі жыхароў!
 
А цэнзар пагладзіў:
 
Шануйце кароны і троны...
О, чэсць каралям і царам!
Патрэбна народу прынука,
Патрэбны бізун жыхарам!
 
Паэта пісаў:
 
Ўжо досыць прыгону і здзеку
І панскага досыць ярма!
Хай будзе раб вольным навекі,
Ён векі цярпеў нездарма!
 
А цэнзар пагладзіў:
 
Ўжо досыць нам з дэмасам ладзіць...
Замала йшчэ меў ён ярма,—
Хай будзе пан панам навекі,
Ён век панаваў нездарма!
 
Паэта пісаў:
 
О віхры, о вы, бураломы!
Ударце ў заснуўшы курган!
Хай волаты ўстануць да бітваў
І скрышаць закрэпы кайдан!
 
А цэнзар пагладзіў:
 
О ветры, зефіркі любыя!
Галубце ласкава курган,—
Там дрэмлюць патульныя душкі
Пакорных, паслушных хрысцян.
 
Увага цэнзара:
 
Я крышку вам, пане паэта,
Пагладзіў ваш вершык слабы,—
Бо, бачыце, ў ім я прыкмеціў
Залішне шмат грэшнай кляцьбы.
 
*
Як гэта паэта пабачыў,
Што цэнзар з паэмай зрабіў,—
Заплакаў, заліўся слязамі,
Ў кулак, як жабрак, затрубіў.
 
Адзін і другі дзень так плакаў —
На трэці не вытрымаў ён,—
Узяў і памёр, як належа,
У вечны ахутаўся сон.
 
Прад смерцю толькі пакінуў
Таку эпітаф’ю жывым:
«Памёр я праз цэнзара, браткі,
Мяне не вініце ні ў чым.
 
Пакуль мяне цэнзары секлі,—
Ах, то ест паэмы мае,—
Яшчэ я мог вытрымаць неяк,—
Пяяць, аб чым думка пяе.
 
Але як пачалі мне гладзіць
Крывёю напісаны твор,
Не вытрываў, браткі,— каб жыў так!
Узяў я сабе ды памёр».
 
*
І спіць у магілцы паэта.
Вяночак на наспе ляжыць:
То сонца магілку цалуе,
То дробненькі дожджык імжыць.
 
Вясною, у маі вясёлым,
Калі увесь свет у красе,—
Дзяўчынка ўздыхне над магілкай,
Хлапец кулаком патрасе.
 
А цэнзар,— чытач запытае,—
Што сталася з цэнзарам тым?
Скажу, як мне людзі казалі:
Пайшоў ў манастыр назусім.
 
Сядзіць там, нічога не робіць.
Аловак свой выкінуў вон
І моліцца, моліцца шчыра.
За цэнзараў моліцца ён.
 
1919

Іншыя творы: Янка Купала