Бываюць хвілі...

Янка Купала

Бываюць хвілі горкіх жаляў,
Душа і ные, і баліць;
Агонь пякельны грудзі паліць,
І нечым той агонь заліць.
 
У гэткай хвілі цяжкай, труднай
Нямілым робіцца жыццё,
Пракляў бы цэлы свет злалюдны
І сэрца роднага біццё.
 
Пракляў бы свет, і быт, і долю,
Усё б на лес сухі паслаў
І даў бы думам спаць уволю
І сам бы спаў, навекі спаў.
1906

Іншыя творы: Янка Купала