Шавец

Янка Купала

Я шавец-маладзец,
Знаю дзела сваё,
Слухаць мусяць мяне
Капыллё і скур’ё.
 
Пры варстаце маім
Дружна праца ідзе:
Жонка дратву прадзе,
Вучань суча яе.
 
Я сам «крой» намачыў,
На капыл нацягнуў;
Стукі-стук! малатком
Шылам, дратвай махнуў,
 
Падашву прылажыў,
Нагнаў штыфтаў кругом,
Абцас гладка прыбіў
Ды падкоўку на ём;
 
Капыл выдзер, і вот
Бот на траме вісіць;
Эй, дзівуйся, панок! —
Добра будзе насіць.
 
Эй, дзівуйся, хто жыў,
Які майстар я, зух!
Бот, камаш, чаравік
Вам састрою удруг.
 
І багат бы я быў
(Хоць не бедзен і так),
Каб лапцей не насіў
Наш мужык-небарак.
 
Ой было ж бы, было
Заработку, трудоў,
Часцей сотку б злавіў,
Угасціў бы дружкоў!
 
Но ён хіба тады
Стане боты насіць.
Як не будзе з чаго
Лык на лапці лупіць.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала