Мой край

Янка Купала

Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на свеце на белым
І жаляцца руняй зялёнай,
І коласам жаляцца спелым.
 
Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
І шле іх далёка па нівах,
Плакуча, ад краю да краю...
 
Паводкаю коцяцца воды
Руч’ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
 
Спавітыя плесняю вёскі
Між пустак заселі бяссільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
 
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай знямогі-пакуты
І, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
 
Так спіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.
 
1910

Іншыя творы: Янка Купала