Спусташэнне

Янка Купала

Га, чаго, вятрыска,
Так узбунтаваўся
І над вёскай блізкай
Ты не злітаваўся?
 
Ці цябе ўгнявілі
Людзі або неба?
Ці тваёй злой сіле
Выкупу патрэба?
 
Пазрываў салому
І шчыты з хацінак;
Зрабіў кучы лому
З хлеўчукоў, з адрынак.
 
Што цяпер пачаці?
Бедны люд вясковы!
Холад будзе ў хаце
Панаваць зімовы.
 
Будуць над калыскай
Плакаць бацька, маці
Дый цябе, вятрыска,
Праклінаць, пытаці:
 
Чаго, пеклаў цёзка,
Так узбунтаваўся
Дый над блізкай вёскай
Ты не злітаваўся?
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала