Усяночная

Янка Купала

Усяночная
Велікодная
Непраглядная
Распасцёрлася.
 
Ў цэркве Божае
Свечкі цепляцца,
Ўсё васковыя,
Ўсё ахвярныя.
 
Людзі грэшныя
Богу моляцца,
Паратуначку
Даглядаючы.
 
Ў гэту ночаньку
Велікодную
З мёртвых Богавы
Сын васкрэсіцца.
 
І жывёліна,
І дабрыніна
Узвяселіцца
Узбушуецца.
 
Толькі ў горасці
Ў чалавечае
Ці прасветліцца
Усяночная?
 
1920

Іншыя творы: Янка Купала