На нашым...

Янка Купала

На нашым полі
Растуць бадылі,—
Ніхто іх не поле,
Не вырве з зямлі.
 
Над нашай нівай
Крумцяць груганы,—
Ніхто ў іх шчаслівай
Не пусціць стралы.
 
На нашым лузе
Гадзюкі шыпяць,—
Ніхто іх не хлудзіць,
Не гоніць у гаць.
 
У пушчы ў нашай
Заводзяць звяры,—
Ніхто іх не страша,
Не гоне ў нары.
 
На нашым шляху
Калдобінаў цьма,—
З нягоды ці страху —
Раўняць сіл няма.
 
У нашай хаце
Тчэ кросны павук,
А вонкі пагнаці
Не знойдзецца рук.
 
У нашым краі
Пануе чужак,
Ніхто не парае,
Пазбыціся як.
 
1919

Іншыя творы: Янка Купала