Янка Канцавы

Янка Купала

Янка Канцавы —
Гаспадар не злом,
Гэткай галавы
Пашукаць з агнём.
 
Што ні зробіць ён —
На дзівы усім:
Дзівіцца Лявон,
Дзівіцца Яўхім.
 
Сонца на паўдня —
Ён тады ўстае,
Рухне, як свіння,
Сядзе — пазяе.
 
Змыўся, рукавом
Выцер нос і, вот,
Бульбай з праснаком,
Надзяе жывот.
 
Сяк ды так пад’еў,
Вылез з-за стала,
Вопратку ўздзеў,
Шапку зняў з кала;
 
Падышоў к вадзе —
Хочацца, знаць, піць —
І к рабоце йдзе,
Чуць нагой вурзіць.
 
«Слепака» запрог
У саху з дугой,—
Пугай шлёг ды шлёг,—
Ну, ваўкі з табой!
 
Як шнур запахаў
Гэты наш Янук,—
Не знаць, ці араў,
Ці парыў парсюк.
 
Вытухшых зярнят
Па раллі патрос;
Будзе збожжа шмат —
Мо і больш за воз.
 
Ну, во ўжо і час
Выбрысці з касой,—
Хто ж ахвоцен з нас
Уставаць з зарой?
 
Янка ж — маладзец!
Рана рад устаць.
Каб — пусты канец!
Не цягнула спаць.
 
Як там ні было —
Неяк пакасіў;
Жніва навярзло —
Зжаў і павазіў.
 
Янка сяк, то так
Лета прамадзеў,
Стаў жыць не ’бы як,—
Стаў есць больш, як еў.
 
Хутка, да Пакроў,
Збожжа змалаціў,
Але чорт падвёў —
Чыншу не плаціў.
 
Стараста, як кнут,
Хоць як ні прасі,—
Штодня тут і тут:
Чынш плаці, нясі.
 
Магазыннік, той —
Ані адагнаць:
— Ссып мне, што вясной
Браў шнур засяваць.
 
Янка рад, не рад,
А дыхнуць ані,
Быццам той скурат,—
Круціцца ў агні.
 
Толькі ўсё яму
Гора як ні ў чом:
Прэцца у карчму
З поўненькім мяшком.
 
Еўна — хітры жыд,
Шмат жыў на вяку...
Цэлы рай адкрыт
Янку-бедаку.
 
Шумна ў карчме,
Янка водзе рэй,—
Гэтым рукі жме,
Тым піць лье скарэй.
 
Тыча пад бакі
Сойкі для другіх;
Весялы такі,
Абдымае ўсіх.
 
Лоўка падгуляў,
Выбрыў за карчму;
Гразі і канаў
Ўжо няма яму.
 
Мчыцца, быццам пан,
Колы трах-тарах!
У вачах туман,
Немач у нагах.
 
Прыляцеў на двор,
Злез, у хату йдзе,
Дзверы ўжо адпёр,
Песню ўжо вядзе,
 
Песню-крык гу-га!
Увайшоў, глядзіць,
Аж тут качарга,
Як з нябёс, ляціць.
 
Не ўспеў што сказаць,—
Трудна,— хлоп ды хлоп!
Ой, шалёны, знаць,
Хрысціць бабаў поп!
 
Неяк жонку змог,
Выгнаў дзеці вон,
Спаць на печы лёг...
Май жа райскі сон.
. . . . . . . . .
Дзівіцца ўвесь свет,
Што так гол Янук,
Дзіваваўся дзед,
Дасца дзіву ўнук.
 
1906

Іншыя творы: Янка Купала