Прад світаннем

Янка Купала

Ціха... Бачце: штось варушыцца,
Штось паўстаці хоча;
Перажытасць гнецца, крушыцца,
Новы свет шапоча.
 
Сонца з цемрамі змагаецца;
Мох злятае з хат і пунь;
Даль за даляй ажыўляецца;
Ўсходзе ядраная рунь.
 
Дрыгацяць напасці-пошасці,
Аціхаюць совы,
Разнімаюцца з паношасцей
Крыллі гругановы.
 
На курганішчы спускаюцца
Туманы жывой расой
І па пустках расплываюцца
Бесканечнай паласой.
 
Доляй-мачыхай прыдаўленых
Зоры аклікаюць,
Ля магілішч акрываўленых
Валахі чакаюць.
1909

Іншыя творы: Янка Купала