Як у лесе зацвіталі...

Янка Купала

Як у лесе зацвіталі
Ліпы ды каліна,—
Залатыя сны снавалі
Мы з табой, дзяўчына.
 
Калыхаліся, шумелі
Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясцелі
Трыснягі ды лозы.
 
*
Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна,—
Сустрэліся, абняліся
Мы з табой, дзяўчына.
 
Мігацелі, зіхацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зелле,
Заміралі росы.
 
*
Як даспела, счырванела
Ягада-рабіна,—
Ўвокал глянулі нясмела
Мы з табой, дзяўчына.
 
Верасы пад лісцем спалі,
Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі.
Журавы ды гусі...
1911

Іншыя творы: Янка Купала