"Цяжка мне, цяжка, слузе беспрытоннаму..."

Янка Купала

* * *
Цяжка мне, цяжка, слузе беспрытоннаму,
Жыцця свайго смутнага дні каратаць,
Сэрцу, ад жалю і слёз неўгамоннаму,
Ой, цяжанька верыць і шчасця чакаць!
 
Цяжка мне, цяжка за сошкай-крывуляю
Загон выйсці ў поле араці чужы,
Пот абціраці парванай кашуляю
Дый плакаць, прыпаўшы грудзьмі да мяжы!
 
Цяжка мне, цяжка маркотнымі думамі
Бязмернае гора адчуці сваё,
Слухаць бяды песню з віхраў пашумамі,
Што ніва, што сошка, што ўсё не маё!
 
Цяжка мне, цяжка гумно, пуню панскія
Дабром, злітым потам маім, напаўняць,
Знаць, што ўсіх кормяць труды мае хамскія
А сам мушу з голаду век паміраць!
 
29 студзеня 1907

Іншыя творы: Янка Купала