Захад сонца

Янка Купала

За нязнаную
Даль пахмурную
Закацілася
Ясна сонейка.
 
Ой, пара, пара
Табе, добрае,
Адпачыць пайсці
После дня ўсяго.
 
Нахадзілася,
Нагулялася
Над зямелькаю
Па-над крыўднаю.
 
Бачыць трэ было,
Каб уродаю
Ніва ўбогая
Убіралася.
 
Сагрэць трэ было
Беспрытоннага,
Слёзы высушыць
Абнядоленым.
 
Усміхаціся
Ўсім замучаным
Доляй-радасцяй,
Воляй-сокалам.
 
После гэтакай
Працы-мачыхі
Спачынь, сонейка,
Там за горамі.
 
І назаўтра ўстань
З новай сілаю,
Узнімі агні,
У сэрцы стухшыя.
 
Распалі агні
Веры ў будучнасць,
Што дзён лепшых мы
Дачакаемся.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала