Ён і яна

Янка Купала

Гэткай пары на свеце
Роўных ім не было:
Ён арлом мог глядзеці,
Ёй да твару ўсё йшло.
 
Без яго ёй не жыці,
А яму без яе,
Думка ў думку злажыці
Так умелі свае.
 
Не чапалі іх мукі
І ні крыўда, ні плач,
Да ўсяго мелі рукі —
Толькі знай, толькі бач!
 
Слава йшла полем-борам,
І то йшла не ’бы як —
Ажна цёмненькім зорам
Было зайздрасна так.
 
Скуль яны узяліся,
Гэта ім толькі знаць;
Да іх кожны маліўся,
Ці за іх — не згадаць!
 
Так жылі, многа сцёрлі
Лет сваіх маладых; .
Як жылі, так памёрлі,
Пахавалі так іх.
 
Так патухла іх імя,
Дый праз завід, ці што,
Не заплакаў над імі
І нідзе, і ніхто.
 
Толькі чулыя людзі
Ўзнеслі насып з зямлі,
Далі камень на грудзі,
Напіс важны далі:
 
«Дзве душы Бога просяць,
Каб хоць так бедным ім
На тым свеце жылося,
Як тут з імі жывым.
 
Бо жыла так прыгожа
Гэта пара адна:
Ён быў Голад-нябожа,
А Няволя — яна».
1910

Іншыя творы: Янка Купала