Завітаў Пятрок...

Янка Купала

Завітаў Пятрок
К табе, мужычок,
Ты ў шапку не спі,
Коску, знай, кляпі
І вастры, вастры!
 
Кінуўшы кляпаць,
Ідзі сенажаць
Абкладаць касой,
З расой — не з расой,
З зары да зары.
 
Жонцы ўзяць сярпок
Гукні, мужычок,
Хай ідзе, бяжыць,
Дзе твой скарб ляжыць,
Дзе з дабром шнуры;
 
Там хай сноп у сноп
Звале многа коп
Серп, рука яе;
Хай жне, хай пяе
З зары да зары.
 
Лі ты з жонкай пот
За нядолі звод;
Працуй за пяцёх,
Збірай, што даў Бог,
Карыстай з пары.
 
Хто улетку з нас
Не робе ў запас,
Эх, будзе зімой
Бедаваці той
З зары да зары!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала