Сэрца спытай...

Янка Купала

Прыгледзься днём яснаму сонцу
І месяцу ночнай парой;
Ў шум цёмнай услухайся пушчы
І ў шумы паводкі вясной;
 
Кінь вокам на мур пабяляны,
На стрэхі з саломы зірні;
Зайдзі на магілкі з крыжамі
І насып забыты крані;
 
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках не кінула жыць;
Сягонняшні дзень паймі добра,
Што ўслед нашай долі бяжыць...
 
І ўсюды — ад краю да краю,
Дзе звернецца думка твая,—
Аб роднай старонцы пытайся
Ты неба, зямлі і жыцця.
 
А сэрца — калі не звёў сэрца —
Адкажа за ўсіх неўнарай:
У нас ёсць паны і іх слугі,
А людзі... што ж?.. Сэрца спытай...
 
1910

Іншыя творы: Янка Купала