Хлопчык і лётчык на вайне

Янка Купала

Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі мяне ўрэшце з сабой,
Цяпер не малы я ўжо хлопчык —
Сам-раз ляцець разам у бой.
 
Мне мамку зарэзалі немцы,
Сястрычку спалілі жыўём,
Дык хай жа кроў чорная льецца,
Іх псіная кроў ручаём.
 
Лічыць з табой будзем не зоры,
Галовы мы станем лічыць,
Галовы нямчур-людажораў,
Што будзем смяротна глушыць.
 
Ты будзеш глядзець самалёта,
А бомбы скідаць буду я,
І буду страляць з кулямёта,
Ў сабачыя сэрцы звяр’я.
 
Мы гітлерцаў будзем ніштожыць,
Гаціць імі тонкую гаць,
З кутоў нашых родных прыгожых
Грабежніцкі зброд выганяць.
 
Давіць мы іх будзем, як вошаў,
Як гадкіх смярдзючых клапоў,
Караць што-раз караю горшай
Сягонняшніх рыцараў-псоў.
 
Свайго самалёта днём, ночай
Не выпусцім, лётчык, мы з рук.
Берліну заглянем у вочы,
Ў крывавыя вочы гадзюк.
 
І зробім чуць-чуць астаноўку,
Каб сцерве папасці ў папад:
Для Гітлера скінем вяроўку,
Хутчэй каб павесіўся кат.
 
Так будзем лятаць з табой разам
Адважныя ўсюды ў баю,—
Фашысцкую смерціць заразу
За мамку й сястрычку маю.
 
Змяцём з беларускіх загонаў
Паганыя банды прыблуд,
Край вызвалім родны з палону,
Нямецкіх пазбавімся пут.
 
А вернемся стуль, дзе ляталі,
Дзе ворагі трупам ляглі,
Спаткае таварыш наш Сталін
Прыветліва ў самым Крамлі.
 
І скажа ён так мне з табою:
Пра вас я ўжо чуў многа раз,—
Вы — хлопчык і лётчык — героі,
Чакаюць вось ордэны вас.
 
1942

Іншыя творы: Янка Купала