Здаецца ж, было гэта ўчора...

Янка Купала

Здаецца ж, было гэта ўчора,
Як сёння, шумелі бярозы,—
Калі на няплодных разорах
Кацілася гора і слёзы.
 
Аб цяжкіх начлегах напевы
Каціліся з краю да краю;
Былі неўраджайны засевы,
Было галаданне ў звычаю.
 
Здаецца ж, было ўчора гэта,—
Плылі воды ў мора, як сёння,—
Калі ты не бачыў прасвету,
Што збудзецца заўтра на гонях.
 
Стаяў перад будучым свечкай,
Якая згасае без следу;
Плыла слепата мутнай рэчкай
Да бацькі, да ўнука ад дзеда.
 
Было ж гэта ўчора, здаецца,—
Як сёння, шумеў бор зялёны,—
Сабе не знаходзячы месца,
У процьму ішлі міліёны.
 
Ішлі. Ад крыві ныла цела,
Чакалі збаўленчага цуду:
Нядоля, няволя гудзела,
Адвечным гула перагудам.
 
*
Забурліла сіне мора
Ад віхроў,
Выйшлі Волгі, Дняпры выйшлі
З берагоў.
 
Разбудзіла мора спячых —
Уставай!
Вазьмі свой ад ліхадзеяў
Каравай!
 
Цячы, кроў, жывой крыніцай
Па зямлі,
Каб па-людску дзеці, ўнукі
Жыць маглі!
 
Вее, вее ўсходні вецер,
Вее ў даль,
Векавечнае пракляцце
Біць не жаль.
 
І разбілі пераможнай
Барацьбой.
Байцы сёння ўспамінаюць
Быўшы бой.
 
Загасціла прасвятленне
І цвіце,
Няма думак аб нядолі,
Аб кнуце.
 
Зашумелі над ракою
Трыснягі,
Аквяціла ясна зелень
Берагі.
 
Па сялібах непрабудны
Згінуў сон,
Прад вачыма шлях у сонцы
Новых дзён.
1935

Іншыя творы: Янка Купала