Не спадзейся...

Янка Купала

Не спадзейся, сын і матка,
Ад жыцця патолі...
Ні канца, ані пачатку
Вашай чорнай долі.
 
Ці сягоння, ці то заўтра —
Як і ўчора, усё так;
Стогн гняздзіціся спанатрыў,
Жаль пляце свой мотак.
 
Шчасце ў путах... Звод развеяў
Думку маладую,
Засталось крыху надзеі,
Дый паганяць тую.
 
Вера ў будучыны жніва
Спапялела з гора,
Крыўда-ведзьма незмянліва
Заліла, як мора.
 
Гарт апёрся на кургане,
Як ноч, уздыхае,
І ў кургане уздыханне
Гарту падцінае.
 
Каня з смагі на пагодзе
«Піць» галосе ў небе,
Ды ў завею воўк заводзе
Па крывавым хлебе.
1910

Іншыя творы: Янка Купала