З думак маркотных

Янка Купала

Трудненька, ой, жыці
Ў беднасці, ў глушы:
Замест смеху — слёзы,
Жаль нейкі ў душы!
 
Шчасце не прыходзе,
Хоць дней клічу шмат;
Гора не ўцякае,
Хоць і выгнаць рад.
 
Песню б вырваць з сэрца
І пусціць на свет!..
Хай ляціць, хай знойдзе
Ласку і прывет.
 
Мо шчаснейшай будзе,
Як я, сын бяды,
Можа, хто пачуе,
Запяе з нуды.
 
Можа, хоць бор цёмны
Рэхам адгукне,
Можа, вецер вольны
Заўтуруе мне.
 
Можа, ў небе зорка
Песенькі маей
Зразумее голас
І міргне ясней.
 
Ночка ў тайных шэптах
Азвецца хвальбой,
А можа, і людзі
Не пагардзяць ёй.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала