Выпраўляла маці сына

Янка Купала

Выпраўляла маці сына
З калгаснае хаты
Не на службу у чужыну,
Не к дзяўчыне ў сваты.
 
Выпраўляла і казала:
«Мой сыночак мілы,
Ужо маеш ты нямала
Розуму і сілы.
 
Пойдзеш ты у свет і людзі
Хадою адважнай,
Прад табою слацца будзе
Край наш неабсяжны.
 
Не зазнаеш крутых сцежак —
Сыты і адзеты —
Вартаваць ты будзеш межы
Краіны Саветаў.
 
Не зазнаеш тамка гора,
Будуць паважаці,
Даглядаць цябе не горай,
Як родная маці.
 
Не ў салдатах быць пад царам,
Пад кнутом жандарскім,—
Служыць будзеш ты Саветам,
Справе пралетарскай».
 
Выпраўляла маці сына
З калгасных загонаў,
Каб служыў той верна, ўчынна
Арміі Чырвонай.
1934

Іншыя творы: Янка Купала