На прадвесні

Янка Купала

...І сівер ледзь хаткі не зверне,
І снегу ані не ўбывае,
А тут у свіронку — ні зерня,
Апошняя бульба ўцякае!
 
І сена няма ад Грамніцаў,
Саломкі той зараз не хваце;
Кабылка падбегчы баіцца,
Кароўка не хоча ўставаці.
 
Даведаўся ў двор і да сына —
Не служцы куток свой карміці!
І больш не даюць з магазына,
Няма дзе рубля зарабіці...
 
Нялёгка на сэрцы, нялёгка!
Дум чорных не збыцца дзень цэлы...
А так яшчэ траўка далёка,
Калі ж і той колас наспелы?!
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала