Памяці Шаўчэнкі

Янка Купала

Ад гасцінца да гасцінца,
Ад хаты да хаты
Звініць кобза украінцам
Аб вялікім святу:
 
Уся чыста галасіста
Украйна маладая
Свайго «бацьку»-кабзарыста
Важна ўспамінае.
 
Эй, бо песня кабзарыста
Ад краю да краю
Плыве вольна-расхадзіста,
Перашкод не знае!
 
Сам ён многа меў нядолі,
Крыўды, паніжэння,
Ды не здрадзіў жа ён волі,
Волі і сумлення.
 
Дух збудзіў свайму народу
Сваім гучным словам,
Навучыў любіць свабоду,
Родны край і мову.
 
Яго «бацькам» ахрысціла
Памятна Украйна.
Эх! і нам будзь бацькам мілым,
Украінча слаўны!
 
Плывучы ўдаль, твая песня,
Гасцінцам не вузкім,
Знайшла водгалас пачэсне
Ў сэрцы беларускім.
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала