Вольха

Янка Купала

Шуміць маркотна вольха
Над рэчкаю бурлівай,
Аброслая на доле
Бадылямі, крапівай.
 
Над ёй сінее неба
І сее непрыветы:
То студзяць яе зімы,
То паляць яе леты.
 
Абломлівае вецер
Галіны без сумлення,
Падточывае рэчка
Жылястае карэнне.
 
Пацешыцца, як птушкі
Пяюць вясной агнісце;
Жалобу жаляў носіць,
Як раздзяецца з лісцяў.
 
Дні многія праходзяць,
Найбольш непагадліва,
Шуміць маркотна вольха
Над рэчкаю бурлівай.
 
14 жніўня 1906

Іншыя творы: Янка Купала