Матцы

Янка Купала

Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!
 
Над калыскай з бегам ночак
Песні роднай не жалей,
Каб, як вырасце сыночак,
Верным вечна ён быў ёй.
 
Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці,
Ўсё сваё ў пашане мець.
 
Бай яму даўнейшы казкі,
Аб бацьках сваёй зямлі,
Як жылі без чужой ласкі,
Як слугамі не былі.
 
Як на веча сход ззывалі
І тварылі свой закон,
Як жылі ды панавалі,
Покі ўпалі у палон.
 
Як жа ў розум убярэцца
Твой сынок, як мак у цвет,
Дужым стане, што, здаецца,
Павярнуў бы цэлы свет,—
 
Выпраўляй яго у людзі,
На дарогу блаславі,
Разам з крыжам дай на грудзі
Роднай вузельчык зямлі:
 
Каб не даўся ў крыўду здзекам,
Не забыў сваіх старон,
Каб вярнуўся чалавекам
К роднай Бацькаўшчыне ён.
 
Ды узяўся шчыра, міла
Сеяць шчасце, гнаць бяду,
Стаў адважна словам, сілай
За свой край і грамаду.
................................................
Гэта ўсё ўпаі дзіцяці
З малаком сваіх грудзей,
Бо іначай пойдзеш, маці,
Жабраваць хлеб у людзей.
 
[1918]

Іншыя творы: Янка Купала