Сваякам па гутарцы

Янка Купала

Шлю вам песняй, братнім словам
Здароўканне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
Жыцца лепей будзе.
 
Вы не зломкі, вы не зноскі,
Вы народ магучы:
Ваша панства — вашы вёскі,
Пан ваш — труд жывучы;
 
Ваша слава не ў палацы,
Не ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
Карыснай, няхітрай.
 
Вашы скарбы не ў ядвабнай
Магнацкай саеце,
А ў сярмязе непавабнай,
Старшай на ўсім свеце.
 
Вашы рукі хоць абіты —
Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
Для ўсіх бел і смачан.
 
Слава вашай гэткай сілы
Вочы ўрагам коле,
Сведкай — свежыя магілы,
Што сыпе няволя.
 
Сведкай — прадзедаў шкілеты,
Курганы з кустамі,
Сведкай — песні воклік гэты,
Сведкай — вы з слязамі.
 
Дык хай жа вас не асіле
Зверства непагоды,
Распусціце сваё крылле,
Як і ўсе народы.
 
Рухне крыўда, праўда ўстане,
Ворагаў адстраша,
Будзе долі панаванне
На зямлі на нашай.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала