Святочныя вершы

Янка Купала

І
Не пра быўшае кайданнае
Гэту песню я складаю,
А пра з’яву нечаканую,
Што сягоння шчасна маем.
 
Не пра турмы, здзекі царскія,
Мукі люду і народаў,
А пра волю пралетарскую,
Залатыя нашы годы.
 
Не пра цемру беспрасветную,
Што людзям сляпіла вочы,
А пра яснасць зорнацветную,
Што развеяла нам ночы.
 
Не пра беднасць беспрытульную,
Гора вечнае, жабрацтва,
А пра наша ўсеагульнае
Неабсяжнае багацтва.
 
Не пра ненавісць, што годамі
Нас давіла цяжкім грузам,
А пра дружбу між народамі
Ўсяго нашага Саюза.
 
Не пра сны з цяжкімі зморамі,
Што цягнулі нас у нерат,
А пра сталінскі пад зорамі
Сонечны паход наперад.
 
Не пра быўшае кайданнае
Гэту песню я складаю,
А пра з’яву нечаканую,
Што сягоння шчасна маем.

ІІ
Ідзе гоман урачыста,
Ідзе з хаты ў хату,
Ідзе з песняй агнявістай
Аб вялікім святу.
 
Дваццаць год святкуем сёння
Магутных праяваў,
Край Савецкі ўвесь гамоніць
Бальшавіцкай славай.
 
Ідзе гоман расспяваны
Далёка ў прасторы,
Дзе льдзяныя акіяны,
Дзе цёплыя моры.
 
Мы святочна сходы клічам —
Вольныя, ў бясстрашшы —
Канстытуцыю ўзвялічым
Сталінскую нашу.
 
Ідзе гоман пушчай, борам,
Ідзе лугам, полем,
Развіталіся мы з горам,
З нядоляй, з няволяй.
 
Мы ўраджай збіраці сталі
Буйны, небывалы,
Што нам Ленін, што нам Сталін
Засеялі дбала.
 
Ідзе гоман а крылаты,
Ідзе, не сціхае,
На вялікае на свята
Народы склікае.
 
Так збыліся ў год—нямнога —
Леніна заветы.
З новым шчасцем, з перамогай,
Народзе Саветаў!
 
1937

Іншыя творы: Янка Купала