Царскія дары

Янка Купала

Цар грозны, маскоўскі — вясёлы,
Шчаслівы з пабедаў вялікіх —
У госці і з местаў, і з сёлаў
Нявольнікаў верных паклікаў.
 
Пад водгулле трубаў, літаўраў,
Пад рогаты ўпасвенай дворні
Падносіць падданым ён дары,—
Нявольнікі прымуць пакорне:
 
Дару я табе, украінцу,
Украйны капальні і стэпы,—
За гэта вуголь і пшаніцу
Ты звозіш мне ў свірны і склепы.
 
У Польшчы ты, польскі народзе,
Жыві сабе й думай аб славе,—
Мне толькі хай ткуць ткачы ў Лодзі;
Чуў — пекныя полькі ў Варшаве.
 
Хай Латвію возьмуць латвійцы
І рыбную ў Балтыцы лоўлю,—
Адно я да іхняй зямліцы
Баронаў дадам на гадоўлю.
 
Ты цешся, грузіне, краінай,
Тамарай грузінкаю слаўнай,—
Мне выдзеліш толькі часціну,
Дзе пыхкаюць нафтай фантаны.
 
Свой Крым, а з ім ханаў і мулаў
Бяры сабе, крымскі татарын,—
Мне ж мора пакінеш агулам
І ўсе санаторыі дарам.
 
Ты, мой туркестанскі сабрату,
Ідзі ў Туркестан разжывацца,—
Ўзамен я каракуль і вату
З тваіх пазбіраю плантацый.
 
Табе, сібірак, без граніцаў
Сібір аддаю, мо што выспіш,—
Але мне да ўласнай скарбніцы
Сібірскае золата ссыпеш.
 
А ты, беларусе нямрушчы,
Вазьмі Беларусь на ўспамінак,—
Твае ж прыдадуцца мне пушчы
Мой царскі вялічыць будынак.
 
І права даю для ўсіх разам
Пладзіцца, як маку зярняты,—
За што мне за першым наказам
Дасцё ўсе сыноў у салдаты.
 
Так грозны маскоўскі цар шчыра
Дзяліў між нявольнікаў дары,
Пад гікі прыдворных упыраў,
Пад водгулле трубаў, літаўраў.
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала