Дзве дзяўчыны

Янка Купала

Па узгорках, па далінах,
Ветрам-віхрам несупынна
Мчыцца быстрая машына,
А ў машыне дзве дзяўчыны,
Дзве дзяўчыны, як маліны...
 
Сцеражыся, супраціўнік!
Адбівае дні гадзіннік.
 
Шофер з іх адна бывалы —
Ёй не страшны віры, скалы,
Долы, горы, перавалы,
Дае ход машыне ўдалай,
А ўсё далей хваляй, валам...
 
Сцеражыся, супраціўнік!
Адбівае дні гадзіннік.
 
Інжынер — тая другая,
Будаваць машыны знае,
Аб ёй слава па ўсім краі:
Што такая маладая,
А машыны выдумляе!..
 
Сцеражыся, супраціўнік!
Адбівае дні гадзіннік.
 
У расквечаным прасторы
Дзве дзяўчыны-непакоры
Едуць полем, едуць борам,
Перад імі сушы, моры,
А над імі сонца, зоры.
 
Сцеражыся, супраціўнік!
Адбівае дні гадзіннік.
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала