Пад чырвонай зоркаю

Янка Купала

Пад чырвонай зоркаю
Армія Чырвоная
Прайшла долы, горы
І лясы зялёныя,
 
Калі крывапіўцы —
Генералы царскія —
Аднавіць хацелі
Парадкі жандарскія.
 
*
Пад чырвонай зоркаю
Ад рукі зладзейскае
Кроў лілася светлая
Чырвонаармейская.
 
Гуляла, шалела
Подла інтэрвенцыя,
Француз, англічанін
Путы ўскласці меціўся.
 
*
Пад чырвонай зоркаю
Ўстаў народ працоўны
І прагнаў за моры
Бандытаў каронных.
 
Былі бітвы, бойкі
За свабоду працы,
І сцяг перамогі
Ўзняўся красавацца.
 
*
Пад чырвонай зоркаю
Армія Чырвоная
Пройдзе долы, горы
І лясы зялёныя,
 
Калі рабскі захад
Руку ўзняць захоча
На край бальшавіцкі,
На ўладу рабочых.
 
*
Інтэрвенцкім бандам
Не гуляці болей
Па савецкім буйным
Нязмераным полі.
 
Пакрыецца славай
Наша пагранічча,
Калі к абароне
Партыя пакліча.
 
Пад чырвонай зоркаю
Армія Чырвоная
Пройдзе долы, горы
І лясы зялёныя.
 
1932

Іншыя творы: Янка Купала