Поле

Янка Купала

Поле маё, поле!
Ты мне дарам божым;
Люблю цябе шчыра
Абсеяна збожжам.
 
Люблю тваіх межаў
Стужак рад зялёны,
Роўныя барозны
Шырокіх загонаў.
 
Люблю цябе, поле,
Вясёлай вясною,
Як ты зарунішся
Ўсякай дабрыною;
 
Як на табе срыбна
Зацвіце расіца,
Птушка зашчабеча,
Сонца разгарыцца.
 
Люблю цябе летам,
Як красуе ніва,
Як шуміць ад ветру
Блогасна, шчасліва;
 
Як колас наспелы
Пад сярпом сагнецца,
І смутная жнеяў
Песня панясецца.
 
Люблю цябе, поле,
Ў восень нескупую,
Як напоўніш пуню
Ты маю пустую;
 
Як ты мне за працу
Адплацішся гойна,
Да вясны к налеццю
Пражыву спакойна.
 
Люблю тады нават
Цябе, маё поле,
Як над табой жудка
Зімка заскаголе;
 
Як пачне сняжніца
Гурбы насыпаці,
Быццам маё шчасце
Навекі хаваці.
 
Поле маё, поле!
Дай жа ты мне сілы,
Каб цябе любіў так
Да самай магілы!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала