Не жалейка йграе...

Янка Купала

Не жалейка йграе
Пад ляском за вёскай,
Не вятрок хістае
Беленькай бярозкай,—
 
Дзевачка-нябожа
Уздыхае, плача
Па сваім прыгожым
Па жыцці бядачым.
 
Жыў, любіў сіротку...
Ночкі караталі;
Песціўся з лябёдкай —
Думкі ашукалі.
 
Неслі людзі ковы:
За сваіх уняўся!..
Курганок жвіровы
Памяткай застаўся.
 
Спіць ён, небарача;
Дожджык насып мые,
А дзяўчынка плача,
А дзяўчынка ные.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала