Згнаннік

Янка Купала

Выгналі з хаты, выгналі людзі,
Выгналі косці жывыя;
Сівер са снегам рынуўся ў грудзі,
Рынуўся зверам на шыю.
 
Месяц загінуў, выгаслі зоры,
Даль залягла беспрасветам;
Хмары глухія, хмары — як горы,
Ходзяць, сапуць непрыветам.
 
Смоллю, заломам сцежка-дарога,
Ведзьма-мяцеліца стогне,
Жудкія думы шэпча трывога,
Сэрца то змоўкне, то дрогне.
 
Горбяцца плечы, кволыя плечы,
Як бы цягнулі каменне,
Рукі мароз і сячэ, і калеча,
Корчацца ногі ў каленню.
 
Годзе змагацца з доляй паганай,
Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
Слёзьмі крывавіці вочы.
 
Сыпся, кружыся, бел-снег, навокал,
Мяккай кладзіся пасцеляй!..
Ляжам, як ляжа ранены сокал,
Знойдзем, нарэшце, прыселле.
 
Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем з табою...
Шумам пальеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышаш спакоем.
 
Дзе-нідзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
Воўк — як і ты — сіраціна.
 
Голас пачуўся, быццам хто кліча,
Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавыча,
Воклік магільны разносе.
 
З дальняга неба зоркі міргнулі...
Як бы не так ужо цёмна...
Зоркі свяціці ўсім не мінулі,
Толькі... мінулі бяздольных.
 
Полаг гатовы белы, пуховы;
Ляж, не глядзі, не ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сняговай,
Вечнага сну не пужайся.
 
Прыйдзе вясна, распусцяцца лозы...
Ты ўжо ў пасцелі зялёнай...
Спі, мой гаротнік, годзе ліць слёзы,
Біці нягодам паклоны...
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала