То не шум баравы...

Янка Купала

То не шум баравы
Шуміць весткай добрай,
То не кліч баявы
Арміі харобрай,—
Гэта гоман ідзе
Па свеце вялікім,
Нечуваны нідзе
Ад полюсаў дзікіх.
 
*
То не шум баравы
Патрасае светам,
То не гром векавы
Грымнуў гэтым летам,—
А легендай сусвет
Ганарыць належна
Нашых лётчыкаў цвет
На ўвесь свет бязмежны.
 
*
То не шум баравы
Шміта ўвекапомніў,—
Магілёў наш сівы
Земляка успомніў
І падумаў сабе:
Добра ў часе гэткім
Шміта мець у сяўбе
На нашых палетках.
 
*
То не шум баравы
Хвалюе прыволле,
Дум напеў векавы
Аб вялікай волі,—
Гэта едуць да нас
Саюза героі
Ва ўсёй велічы крас,
У палярнай зброі.
 
*
То не шум баравы
Шуміць небывала
Ад марэй да Масквы
Нечуванай хвалай,—
Гэта едзе экспрэс
З чэлюскінскай славай,
Яму сонца, і лес,
І людзі б’юць «брава».
 
*
То не шум баравы
Калыша прасторам.
І не зоў баявы
Заклікае к зорам,—
Гэта наша жыццё
Пяе гімн шчаслівы
Пра ўсё наша быццё
Нашых родных ніваў.
 
1934

Іншыя творы: Янка Купала