У вырай ("Зашумела нудна восень...")

Янка Купала

Зашумела нудна восень
Шумам лісцяў, шумам сосен,
          Даўшы волю хмурам;
Ажно з гоняў Беларусі
Ў вырай вылецелі гусі,
          Паплылі ўдаль шнурам.
 
Следам з выраем, з гусямі
Паляцелі думкі самі,
          Сэрца ўскалыхнулі;
Ўскалыхнулі долі плесняй,
Азваліся казкай-песняй,
          Ў смутку патанулі...
 
Ой, вам, гусі-вырайніцы,
Жыць нядоўга ў чужаніцы,
          Зноў к нам прыплывеце,
Зноў вас будуць сустракаці
Нашы рэчкі, сенажаці,
          Наша сонца ў цвеце.
 
Ой, вы, гусі-гудзіцелькі,
Не забудзеце зямелькі,
          Дзе дзяцей пладзілі,
Дзе вы месячык страчалі,
Дзе вы зоркі падлічалі,
          Плавалі, хадзілі.
 
Знаю, зложыце тут косці,
Толькі злётаеце ў госці
          Асвяжыце грудзі:
Вы не ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
          Як умеюць людзі.
 
1918

Іншыя творы: Янка Купала