Груша

Янка Купала

Калышацца сталетняя,
Шуміць на ўсе староны,
На ёй галінаў тысячы,
Лісткоў на ёй мільёны.
 
Шпакі на ёй чырыкаюць,
І белкі часам скачуць,
І сонца дарыць спекамі,
І хмары дажджом плачуць.
 
Яна, загартаваная
Сталетняю парою,
Шуміць, заходзе ў гутарку
То з небам, то з зямлёю.
 
Дый дзіўнай мовы грушынай
Людзям не зразумеці,
Хоць мо аб чым і радасным
Захоча ім шумеці.
 
Хоць будзе мо расказываць
Аб долі, аб багацці,
З даўнейшага, прайшоўшага
Пыл забыцця змятаці...
 
О груша, о сталетняя,
Наўчы, што мне зрабіці,
Каб мову тваю дзіўную
Людзям пералажыці...
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала