Вецер

Янка Купала

Ах, і з якой жа дакукай
Бушуе са свістам крылаты!
Вые жалобна, як сука
Па ўтопленых дзецях-шчанятах.
 
З гікам праз нетры, ламочча
Імчыцца і ліжа вужакай,
Ліжацца ў вушы, у вочы,
Як тая слізлівая п'яўка.
 
Скуль яго з немачай гэтай
Нялёгкая гоніць, прыгнала,
Як бы яму людзей, свету
Без свету майго яшчэ мала?
 
Я ж не прасіў і не клікаў,—
Не трэба такога мне госця,—
Без тваёй музыкі дзікай
Патраплю злажыць свае косці.
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала