Станогае ліха

Янка Купала

Станогае Ліха-Нядоля
Валочыцца з поля на поле;
А вочы ў яго — што ў начніцы,
А рукі ў яго — чараўніцы.
 
Дзе ступіць — там кроў выступае,
Дзе гляне — там крыўда сляпая
Народы хіне, як калоссе,
Каго ж абымае — смерць косе.
 
Трымае свет цэлы ў парадку,
Не мае канца і пачатку,
Не знае граніцы і меры,
Не гіне ад кос і сякераў.
 
Так блукае з поля на поле
Станогае Ліха-Нядоля;
Над ім жа сам Бог з перунамі
Дзяржыць страж, спавіты імгламі.
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала